СТАХА́НАЎСКІ РУХ,
масавы рух наватараў і перадавікоў вытв-сці ў СССР у сярэдзіне 1930-х — пач. 40-х г. за павышэнне прадукцыйнасці працы і лепшае выкарыстанне тэхнікі. Ўзнік у гады 2-й пяцігодкі ў вугальнай прам-сці Данбаса, названы ў гонар зачынальніка — забойшчыка шахты «Цэнтральная—Ірміна» ў г. Кадзіеўка (цяпер Стаханаў, Украіна) А.Р.Стаханава (1905—77), які 31 жн. 1935 здолеў за змену пры норме ў 7 т здабыць 102 т вугалю, а 19 вер. — 227 т. Пры падтрымцы парт. і камсамольскіх органаў С.р. ахапіў усе галіны нар. гаспадаркі і паўплываў на значны рост прадукцыйнасці працы, на паляпшэнне яе якасных паказчыкаў. Стаханаўскія метады працы ў прам-сці і сельскай гаспадарцы ў гады Вял. Айч. вайны спрыялі перамозе сав. народа над фаш. Германіяй.
На Беларусі С.р. у ліку першых падтрымалі рабочыя-машынабудаўнікі Мінска, Гомеля, Віцебска (С.Шабалтас, В.Сямёнаў, П.Карбановіч, А.Хаткоўскі, К.Галаўня, Н.Лапін, А.Бальшакоў, І.Кучарэнка). Іх высокі прафесіяналізм, энтузіязм і адказнасць спрыялі перавыкананню норм выпрацоўкі ў некалькі разоў. У 1936 разгарнуўся рух за рост прадукцыйнасці працы, высокую культуру вытв-сці, замену існуючых норм выпрацоўкі больш высокімі, у 1939 — за шматстаночнае абслугоўванне і сумяшчэнне прафесій. Да пач. 1941 стаханаўцамі і ўдарнікамі ў БССР сталі 50% рабочых. У гады Вял. Айч. вайны на эвакуіраваных ва ўсх. раёны СССР бел. фабрыках і заводах, як і на інш. сав. прадпрыемствах, да раней засвоеных метадаў наватарскай працы дадаліся: хуткасная тэхналогія вытв-сці і буд-ва, рух за выкананне норм выпрацоўкі на 200 і нават 1000%, франтавыя брыгады. Вопыт і традыцыі С.р. дзейнічалі і ў пасляваен. дзесяцігоддзі, калі паступова былі заменены інш. формамі сацыяліст. спаборніцтва.
С.р. не пазбег кампанейскага характару і фармалізму. Калі напачатку ён развіваўся дзякуючы энтузіястам-наватарам, то ў далейшым яго фактычна ў абавязковым парадку навязвалі рабочым калектывам парт., камсамольскія і прафс. органы, што надавала руху ў значнай ступені фармальны характар. Адначасова С.р. паслужыў «абгрунтаваннем» павышэння норм выпрацоўкі. Недастатковая залежнасць матэрыяльнага становішча работніка і калектыву ад колькасці і якасці працы ва ўмовах адм.-каманднай эканомікі не стымулявала наватарскія пошукі для павышэння прадукцыйнасці працы.
Літ.:
Козлов В.А., Хлевнюк О.В. Стахановское движение: время и люди. М., 1984;
Очерки истории Беларуси, 1917—2000. Мн., 2000.
М.Г.Жаркоў.
т. 15, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)